Як маленькі Дзіма хадзіў у разведку

5 мая, 2014.

умрейко владимир бгу

Малы партызан, якога можна пасылаць у разведку. Гэта якраз пра Дзмітрыя УМРЭЙКУ, доктара фізіка-матэматычных навук, заслужанага дзеяча навукі, якому напачатку вайны было 7 год. З яго могуць браць прыклад хлопчыкі, якія сёння гуляюць у касмічныя войны ці зрэдку ў партызан.

Падзяліцца на атрады, выкапаць зямлянку, зрабіць засаду ў лесе, каб усё было, як тады, у далёкіх 1941–1944 гг. – гэта вымагае ад дзяцей і цяпер кемлівасці і смеласці. Дзмітрый Сцяпанавіч таксама выконваў заданні партызанскага камандзіра, але насамрэч, у гады Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула такі глыбокі след у душах беларусаў.
Улетку 1941 г. Дзмітрый Умрэйка таксама паехаў адпачываць, як і сучасныя дзеці, да бабулі і дзядулі ў вёску Лавы Капыльскага раёна. Яго дзядуля Аляксандр Мікалаевіч Пыліла тады працаваў лесніком, і таму маленькі Дзіма шмат часу бавіў у лесе, які з усіх бакоў абступаў іх маленькі драўляны домік. Калі пачнецца вайна, ён таксама шмат часу будзе праводзіць у лаўскім лесе, у якім партызаны выкапаюць вялікую колькасць зямлянак. Маленькаму Дзіму наканавана было стаць сувязным партызанскага атрада імя Будзённага 95-й брыгады імя Фрунзэ. Ён і сёння памятае той дзень, як у дзядулевай хаце, якая стаяла наводдаль ад вёскі, з’явіўся камандзір атрада Міхаіл Мікалаевіч Ізюмскі, былы таварыш бацькі Дзімы па народным камісарыяце асветы, ужо знаёмы з яго маці, якая да гэтага часу прыехала да сына з Мінска. Так іх хата стала месцам явак партызанскага злучэння.
У другі раз партызанскі сувязны з’явіўся ў іх доме пры поўнай канспірацыі, бо ў Лавы прыйшлі немцы. Малога Дзіму адправілі ў вёску, каб высветліць усю сітуацыю і настрой яе жыхароў. Важна было даведацца, ці няма здраднікаў сярод сваіх або тых, хто не супраць папрацаваць на акупантаў. Дзіму было даручана стварыць невялічкую групу такіх жа хлапчукоў, каб збіраць у лесе кінутую зброю і гарматы, якія маглі быць выкарыс­таны партызанамі ў баях.
Маленькія хлопчыкі не раз маглі назіраць, як праз вёску адступаюць нашы ваенныя часткі. Пра тое, што набліжаюцца немцы, чут­ка разносілася вельмі хутка. Тады жыхары Лаваў збіралі неабходныя рэчы і ўцякалі ў лес. Вярнуўшыся, яны маглі застаць на месцы сваіх хат папялішчы.
Хата бабулі і дзядулі Дзімы ўцалела. За гады вайны ў ёй прайшло некалькі сустрэч савецкага ваеннага кіраўніцтва Мінскай вобласці на чале з Іванам Дзянісавічам Варвашэнем. Роля маленькага Дзімы заключалася ў тым, каб, знаходзячыся ў вёсцы, гля­дзець і слухаць, ці не прасачылася нейкім чынам інфармацыя пра нарады да іншых.
Дзмітрый Сцяпанавіч успамінае, як пасля бою ў старыцкім лесе змучаныя, стомленыя, параненыя партызаны, зайшоўшы ў іх домік, літаральна падалі на ложкі і падлогу. Аднак адпачыць ім так і не давялося. Не прамінула і паўгадзіны, як іх падняў на ногі і павёў у лес камандзір партызанскага злучэння. Гэта быў, як пазней высветлілася, будучы ге­нерал-маёр Піліп Піліпавіч Капуста, а тады Фёдар Фёдаравіч Бажэнка.
Перадыслакаваўшыся са старыцкага ў лаўскі лес, партызанам за паўтара месяца ўдалося падлекаваць усіх параненых, у чым вялікая заслуга начальніка шпіталя Міхаіла Майсеевіча Герасіменкі, які і пасля вайны доўгі час узначальваў Уздзенскую раённую бальніцу. Дзмітрый Сцяпанавіч расказвае, што шпіталь заняў вялікую хату паблізу. І ён мог таксама ў нечым дапамагчы параненым.
Менавіта гэты шпіталь абаранялі героі падчас усім вядомага Лаўскага бою. У задачу 18 партызан на чале з камандзірам узвода Вікенціем Драздовічам, якія занялі пазіцыю на клецішчанскіх могілках, уваходзіла не прапусціць немцаў да вёскі Лавы, пакуль не будзе эвакуяваны шпіталь. Лапік могілак, які зарос дрэвамі ў чыстым полі, фактычна з’яўляўся мішэнню для артылерыі і мінамётаў праціўніка. Усе байцы загінулі, аднак вораг не прайшоў углыб заўчасна.
Дзмітрый Умрэйка з маці ў гэты час ста­я­лі разам з партызанамі на ўскрайку лесу    і чакалі немцаў. Аднак тыя пасля вялікіх страт на клецішчанскіх могілках перадумалі нападаць.
Пра Лаўскі бой расказвалі ў сваіх вершах Адам Русак, Анатоль Астрэйка. Заслужаны мастак СССР Міхаіл Савіцкі намаляваў карціну пад назвай «Лаўскі бой». Сёння імёны 18 байцоў увекавечаны на помніку, які ўстаноўлены на тых жа могілках, дзе яны змагаліся ў 1942 г. Цяпер ужо прафесар і заслужаны навуковец, Дзмітрый Ум­рэйка таксама наведваецца на гэта месца, каб аддаць даніну памяці тым, хто аба­ра­няў і яго жыццё.
Сям’я Умрэйкаў не скарысталася магчымасцю эвакуявацца на адным з авіяцыйных рэйсаў і да канца вайны выконвала функцыю сувязной.
Дзмітрый Сцяпанавіч памятае, як пасля вайны, ужо дома ў Мінску, іх з маці выклікалі ў органы ўлады і ўзнагародзілі: яго – медалём «Партызану вайны II ступені», а маці – медалём «Партызану вайны I ступені». Дзмітрый Умрэйка атрымаў і ордэн Айчыннай вайны II ступені.
Дзмітрый Сцяпанавіч успамінае, як пасля вайны адмянялі карткі, а цэны не ўзрасталі, а, надварот, кожны год памяншаліся. Як не было грошай, каб купіць тое, што хочацца. Аднак жыла надзея, што ўсё будзе наноў адбудавана, адноўлена і распачата, таму што яны з маці засталіся жывымі, вярнуўся бацька, і больш няма вайны. Сёння яму вельмі дзіўна, што людзі надаюць вельмі вялікае значэнне матэрыяльным каштоўнасцям і змагаюцца, каб адваяваць іх адзін у аднаго. Ён гаворыць, што раней былі іншыя ідэалы. Таму беларускі народ і змог перамагчы.
Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: