Ад сталяра да палкоўніка. Нарыс пра ветэрана ВАВ Пятра Пермякова

14 мая, 2015.

пермяковНездарма гавораць, што медалі за працу і за бой адлітыя з аднаго і таго ж металу. Палкоўнік у адстаўцы Пётр Іванавіч Пермякоў, які акрамя ўсяго з’яўляўся і  супрацоўнікам службы бяспекі БДУ, неаднаразова ўзнагароджваўся ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На свята 9 мая ў БДУ і сёлета ён абяцаў апрануць усе свае ўзнагароды. Цікава, што Пётр Пермякоў нара­дзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Пермякова Пермскай вобласці, дзе яго і застала вайна. На той час яму споўнілася 14 гадоў. Яшчэ не атрымаўшы на рукі пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў, ён улад­каваўся на працу ў саўгас у раённым горадзе Бярэзнікі, што на рацэ Кама. Усё лета разам з брыгадай хадзіў працаваць на бульбяныя палеткі. А на зіму яго накіравалі дапамагаць слесару, які раман­таваў вагі, жалезны посуд у сталовай. Сталовая ў галодныя ваенныя гады лічылася найбольш спрыяльным месцам. Аднак доўга папрацаваць Пятру Іванавічу ў ёй не давя­лося. Са слесарам здарылася бяда, і хлопца перавялі ў сталярню. Пётр Іванавіч памятае, як яму не хацелася туды ісці, нават слёзы на вочы наварочваліся. Там яго прызначылі ў памагатыя маладому хлопцу. Аднак той неўзабаве патрапіў у адну з тур­маў, якіх нямала было на той час у Бярэзніках. Прыйшлося Пятру Іванавічу самастойна асвойваць сталярную справу. Дапамагалі двое старых, якія працавалі побач. Толькі за адну зіму хлопец  змай­страваў каля 100 табурэтак. Пазней Пермякову пашанцавала апынуцца на «магніевым заводзе», які знаходзіўся недалёка ад роднай вёскі. Пасля трохме­сячных курсаў рахункаводаў ён змог улад­кавацца туды ў бухгалтэрыю, дзе і працаваў да адыходу ў армію. Як толькі Пётр Іванавіч адсвяткаваў сваё 17-годдзе, ён сам пайшоў у ваенкамат. «У нашай мясцовасці на той час амаль усе школы былі пераўтвораны ў шпіталі, куды пад вясну звозілі параненых з усяго Савецкага Саюза, – расказвае Пётр Пермякоў. – Я на іх глядзеў і думаў, што калі яны не могуць ваяваць, то тады я, здаровы і малады, павінен узяцца за зброю». У ваенкамаце мяне накіравалі прайсці медыцынскую камісію для лёт­чыкаў. І я яе вытрымаў ажно двойчы. Першы Дзень Перамогі 9 мая сустракаў ужо курсантам Чаля­бінскага ва­енна-авіяцыйнага вучы­лішча штурманаў і стралкоў-ра­дыстаў». Пасля заканчэння вучылішча ў 1945 годзе Пётр Пермякоў пачаў служыць у Беларусі ў маленькім горадзе Стары Быхаў. Памятае, як тады афіцэры і салдаты жылі ў адной казарме, бо ў Старым Быхаве практычна немагчыма было знайсці ўцалелага будынка. Ён быў зруйнаваны фашыстамі. Праслу­жыў Пётр Іванавіч там усяго два месяцы, бо медыцынская камісія спісала яго з лётнай службы. Пят­ру Іванавічу і зараз прыкра ўспамі­наць, як урач магілёўскай паліклінікі знайшла нейкія парушэнні ў яго зроку і гэтым самым так нечакана паўплывала на яго лёс. Пятра Пермякова перавялі ў роту сувязі. Дапамагло тое, што ў Чалябінскім вучы­ліш­чы ён спасціг навуку радыстаў. Таму ўжо ў Оршы ён пачаў рыхтаваць радыстаў лётнага і наземнага складу войскаў, а таксама забяспечваць палёты самалётаў радыё­сувяззю. На аэрадроме Балбасава пад Оршай Пётр Іванавіч служыў начальнікам вучэб­нага палігона. Аэрадром быў засак­рэчаны, бо менавіта тут стаялі новенькія ТУ-16, тэхнічныя харак­тарыстыкі якіх не выда­валіся. Пасля Балбасава Пётр Пер­мякоў каля 10 гадоў праслужыў у войсках авіяцыі ў Чыце. У Чыту Пермякоў прыехаў зампалітам асоб­нага дывізіёна сувязі. Пазней стаў на­мес­нікам начальніка аддзела сувязі паветранай арміі Чы­цінскай ваеннай акругі. Штодзённая газета Забайкальскай ваеннай акругі «На баявым пасту» пісала ў 1975 годзе: «Перад трыбунай праходзяць авіятары нашай ак­ругі. Узначальвае калону ўдзельнік Вялі­кай Айчыннай вайны падпалкоўнік П. Пермякоў. Заслужанымі пада­рун­камі сустрэлі 58-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка многія ўдзель­нікі сённяшняга парада». Пётр Іва­навіч і цяпер беражэ гэтую газету. Куды б ні пераводзілі служыць Пятра Пермякова, яго падначаленыя праводзілі яго са слязамі на вачах. Бо Пётр Іванавіч ніколі не даваў іх у крыўду і з павагай ставіўся да кожнага. У беларускі горад Ліду ён перавёўся ў сувязі з сямейнымі абставінамі.IMG_6508Выйшаўшы ў адстаўку, Пётр Іванавіч скарыстаўся тым, што падчас службы ў Оршы ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, якая была непадалёку. Дзякуючы гэтаму ён змог заняць пасаду дырэктара кур­саў па падрыхтоўцы і пера­падрых­тоўцы кадраў сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці, а пазней стаць загадчыкам ка­бі­нета палітэканоміі адной з кафедраў Бела­рускага аг­рар­нага тэхнічнага ўнівер­сітэта ў Мінску. З 1994 па 2001 гг. ён з’яўляўся вар­таўніком хімічных складоў і гаража службы бяспекі Беларускага дзяржаўнага ўнівер­сітэта. Пётр Іванавіч вельмі ўдзячны, што пра яго тут памятаюць, запра­шаюць у госці, віншуюць падарункамі на розныя святы. У свае 88 гадоў ён цікавы суразмоўца і можа расказаць нямала пра сваё ваеннае мінулае. Што ён і зрабіў сёння для нашай газеты. Ганна ЛАГУН
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *