Маеш талент? Цягні яго рабіць дабро!

5 Apr, 2017.

Правядзенне дабрачынных акцый на базе студэнцкіх інтэрнатаў БДУ стала яшчэ адной добрай традыцыяй універсітэта. Кожны год іх неабыякавыя жыхары разам з прадстаўнікамі студсавета ладзяць кірмаш, каб дапамагчы тым хлопчыкам і дзяўчаткам, якія не маюць бацькоў і выхоўваюцца ў дзіцячым доме. Завітаем на дабрачыннае мерапрыемства ў інтэрнат № 4!

У актавай зале сваіх пакупнікоў з нецярпеннем чакалі майстры і ўмельцы, якія падрыхтавалі прыемныя сюрпрызы на самы розны густ. Напрыклад, студэнтка Крысціна Скуратовіч для кірмашу напякла цэлую горку блінцоў. Дзяўчына прызналася, што вельмі любіць гатаваць і часта радуе сяброў чым-небудзь смачным.

Арыгінальныя аксэсуары сваімі рукамі зрабілі Вольга Страха і Юліяна Сурганава. Дзяўчаты з дапамогай бісеру і фаамірану стварылі яркія заколкі і вянкі, якія змогуць не толькі ўпрыгожыць валасы, але і дапоўніць вобраз сапраўднай модніцы. Гэтым цікавым майстэрствам студэнткі займаюцца на працягу многіх гадоў, таму не дзіўна, што вырабы прываблівалі разнастайнасцю свайго афармлення, а яшчэ прыемным коштам – ад аднаго да трох рублёў.

Студэнтка Яўгенія Кавалёнак з дзяцінства захапляецца маляваннем і прысвячае любімаму занятку амаль увесь вольны час. Калі яна дазналася пра дабрачынны кірмаш, то адразу вырашыла зрабіць невялікі ўнёсак у агульную светлую справу з дапамогай свайго таленту. На мерапрыемстве кожны ахвотнік мог замовіць уласны партрэт або падказаць дзяўчыне іншы цікавы сюжэт для будучай карціны, цана якіх дасягала сямі рублёў.

Таццяна Ярчынская падчас кірмашу чаравала над валасамі сваіх кліентаў. Зразумець усе тонкасці цікавай справы цырульніка ёй дапамаглі спецыялізаваныя курсы, таму дзяўчыну можна смела назваць сапраўдным майстрам у свеце стылёвых прычосак, укладак і стрыжак. Ролю галоўнага памочніка і мадэлі выконвала сяброўка Аксана Жыжа, якая заўважыла, што дапамагаць Таццяне – адно задавальненне.

У папулярнай тэхніцы бодзі-арту на мерапрыемстве працавала студэнтка Лізавета Радзько. З дапамогай хны яна ўпрыгожвала разнастайнымі малюнкамі рукі ўсіх ахвотнікаў. Гэтай моднай і цікавай справай дзяўчына займаецца каля чатырох гадоў, таму з лёгкасцю выконвае самыя розныя пажаданні пры стварэнні часовай татуіроўкі. На кірмашы яе кошт складаў два з паловай рублі.

Алена Гашкевіч таксама ўпрыгожвала рукі сваіх кліентак ­– рабіла манікюр. Гэтай справай дзяўчына цікавілася яшчэ ў школьныя гады, а пасля наведвання спецыяльных заняткаў па манікюры вырашыла ўдасканальваць свае ўменні. Студэнтка прызналася, што жаданне зрабіць дабро заклікала яе прыняць удзел у кірмашы. Падчас яго парадаваць свае пальчыкі можна было за дзесяць рублёў.

Шаўрму, якую для кірмашу прыгатавалі сяброўкі Ганна Радоўня, Кацярына Ліпніцкая і Таццяна Муравейка, прысутныя расхапалі менш чым за паўгадзіны! У лаваш, які загадзя быў змазаны самаробным соусам, дзяўчаты загарнулі памідоры, агуркі, моркву па-карэйску, крабавыя палачкі, сыр, пекінскую капусту. Яны адзначылі, што даволі часта гатуюць разам і эксперыментуюць з рознымі рэцэптамі. У мінулым годзе сяброўкі завіталі на кірмаш у якасці гасцей, а ў гэтым вырашылі абавязкова стаць яго ўдзельнікамі. Шаўрма, прыгатаваная дзяўчатамі, спадабалася і замежным студэнтам. Госць з Кітая У Юнган, які навучаецца на ФДА, з усмешкай заўважыў, што страва атрымалася смачнай.

Таксама на кірмашы быў праведзены незвычайны аўкцыён. Яго лотамі сталі сертыфікаты, якія адкрывалі перад уладальнікамі цікавыя магчымасці. Напрыклад, сертыфікат на арганізацыю рамантычнага спаткання студэнцкім саветам і многія іншыя.

Прадстаўнік культурна-масавай камісіі студсавета інтэрната № 4 Вікторыя Ляхава расказала, што падчас дабрачыннага мерапрыемства заўсёды дзейнічае незвычайная грашовая сістэма паміж гасцямі і ўдзельнікамі. Каб набыць што-небудзь, неабходна абмяняць сапраўдныя грошы на рознакаляровыя хосталы з выявамі прадстаўнікоў адміністрацыі інтэрната. У гэтым годзе адзін такі хостал адпавядаў пяцідзесяці капейкам.

Сабраная сума пасля перадаецца ў дзіцячыя дамы. З кожнага інтэрната паасобку яна не вельмі вялікая, але калі аб’яднаць іх разам, то атрымліваецца добры ўнёсак у будучыню тых дзетак, якія не маюць бацькоў, але ўсё роўна вераць у дабрыню людскіх сэрцаў.

Дар’я НІКАНЧУК

Фота Настасся Мелехава

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *