«Навуку трэба слухаць!». Як фізік і матэматык дапамагаюць фермеру

15 Aug, 2018.

У верхнім радзе другі злева -Вольфганг Новік, у ніжнім радзе чацьвёртая злева-Валянціна Клябанава

У рамках Міжнароднай канферэнцыі, галоўнай тэмай якой сталі біялагічна актыўныя прэпараты для раслінаводства, Беларусь наведалі прафесар, доктар прыродазнаўчых навук, дырэктар Прыватнага інстытута прыкладной біятэхналогіі daRostim (Германія) Вольфганг НОВІК і дырэктар Агенцтва па трансферы тэхналогій, адукацыі і навукі daRostim (Германія) Валянціна КЛЯБАНАВА. Яны паведамілі пра сваю зацікаўленасць у працы з беларускімі навукоўцамі і расказалі, якімі аграрнымі “фішкамі” адрозніваецца беларуская сельскагаспадарчая вытворчасць ад нямецкай.

На пытанне: «Чаму вы вырашылі займацца вывучэннем біятэхналогій?» – Валянціна адказвае з усмешкай:

– Мы ж па адукацыі зусім не біёлагі. Прафесар Новік скончыў МДУ як фізік. А я з'яўляюся выпускніцай БДУ, дзе вывучала матэматыку.

Як пачалася гэта гісторыя, расказаў Вольфганг Новік. У 1999 годзе ён звярнуў увагу на біяпрэпараты для сельскай гаспадаркі, распрацаваныя ва Украіне, Расіі і Беларусі, з мэтай іх прасоўвання на рынак Германіі. Але ўсё аказалася не так проста: прафесар зразумеў, што перад тым, як прадаць біяпрэпараты, трэба паказаць, што яны дзейнічаюць.

– Менавіта ў гэты час нашы веды ў галіне фізікі і матэматыкі спатрэбіліся, – працягвае Валянціна. – Мы распрацавалі некалькі мадэляў, якія дазваляюць кантраляваць паводзіны расліны пасля ўжывання прэпарата, бо не заўсёды гэта можна ўбачыць няўзброеным вокам – трэба адсочваць змены знутры.

Пазней, у 2004 годзе, прафесар Новік выйграў грант на праект, які звязаны з біятэхналогіямі і ўключае ў сябе двухтыднёвы курс навучання і перакваліфікацыі спецыялістаў украінскіх прадпрыемстваў у Германіі. У сваю чаргу, спецыялісты з Германіі накіроўваліся ва Украіну:

– Ужо ў той час існавала шмат тэхналогій, над якімі працавала вялікая колькасць людзей, але ўсе гэтыя веды не былi сістэматызаваны.
Праект стаў першым крокам да стварэння ў 2005 годзе Прыватнага інстытута прыкладной біятэхналогіі daRostim і Агенцтва па трансферы тэхналогій, адукацыі і навукі daRostim. На дадзены момант установы цесна супрацоўнічаюць і з Беларуссю, а зацікаўленасць у гэтым прафесар Новік і Валянціна Клябанава тлумачаць высокім інтэлектуальным і навуковым патэнцыялам нашай краіны, што стварае шматабяцальныя перспектывы для сумеснай працы.

Наведванне агракамбіната «Ждановічы» выклікала ў гасцей шмат эмоцый, звязаных у першую чаргу з маштабамі вытворчасці:

– У Германіі такога не сустрэнеш, – дзеліцца ўражаннямі прафесар Новік, – самае вялікае па плошчы прадпрыемства складае каля 47 гектараў. У Беларусі гэтая лічба большая ў некалькі разоў, таму што тут гаворка ідзе пра цэлыя аграпрамысловыя комплексы.

Валянціна Клябанава атрымала ўражанні не ад маштабаў вытворчасці, а, хутчэй, ад спосабаў:

– Я ўпершыню ўбачыла, каб у спецыяльных інкубатарах разводзілі чмялёў, якіх пасля выпускалі для апылення палёў, – распавядае жанчына. – Да такой тэхналогіі нямецкія аграрыі ніколі не звярталіся.

Пра недахопы ў сельскагаспадарчым сектары вытворчасці Беларусі не казалі, бо яны прысутнічаюць у любой працы, але арганізаванасць спецыялістаў прадпрыемстваў выклікае толькі станоўчыя эмоцыі. Таксама Валянціна адзначыла, што калі на Захадзе ўзнікае праблема і пра яе толькі пачынаюць казаць, то ў Беларусі ўжо ёсць рашэнне:

– У гэтым выпадку канферэнцыя з'яўляецца спосабам збору інфармацыі пра новыя распрацоўкі. Першапачаткова мы планавалі праводзіць яе раз у два гады, але так мы папросту адставалі. Варта адзначыць, што дадзенае мерапрыемства з'яўляецца добрай платформай для маладых навукоўцаў, каб паспрабаваць сябе ў выступе перад публікай разам са сваім прадуктам.

Праца Вольфганга Новіка і Валянціны Клябанавай цесна звязаная не толькі з паляпшэннем сельскагаспадарчай вытворчасці, але і з магчымасцю рэалізацыі свайго патэнцыялу маладым навукоўцам, укараненнем новых тэхналогій і паляпшэннем экалагічнага складніка вытворчасці.

– Навуку трэба слухаць! – сцвярджае Валянціна.

Ірына КУЗНЯЦОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: