Медыкаменты НВЦ «ПраБіяТэх» вырашаюць сусветныя праблемы ў ветэрынарыі

29 Apr, 2020.

На кафедры мікрабіялогіі ў НДЛ біятэхналогіі біялагічнага факультэта БДУ распрацоўваюць новыя тэхналогіі і прэпараты для лячэння і прафілактыкі захворванняў у сельскагаспадарчых і хатніх жывёл. Унікальныя прэпараты не маюць аналагаў. Лечаць вірусныя інфекцыі, стрэсы, станоўча ўплываюць на рэпрадуктыўныя функцыі і інш. Гэта распрацоўкі хайтэк – шостага тэхналагічнага ўкладу па прыкмеце геннай інжынерыі. Значнасць такіх прэпаратаў новага пакалення велізарная для нашай жывёлагадоўчай краіны.

Загадчык кафедры Уладзімір ПРАКУЛЕВІЧ дае тлумачэнні:

У кожнай жывёлы (як і ў чалавека) ёсць свая шматузроўневая сістэма абароны ад здзеянняў неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя, уключаючы розныя інфекцыі. Гэта сістэма настолькі магутная, што наогул ніхто не павінен хварэць. А калі захворвае, то ў арганізме хутка ўключаюцца ахоўныя механізмы, і ён вылечваецца. Сістэма абароны выпрацавалася падчас працяглай шматвяковай эвалюцыі і замацавана ў геноме кожнага індывіда. Да прыкладу, у чалавека каля 20 тысяч генаў. З іх 8 тысяч засцерагаюць нас ад шкодных знешніх уздзеянняў, кантралюючы сінтэз пецыфічных ахоўных бялкоў. Дык чаму і чалавек, і жывёла хварэюць? Уся справа ў незапланаванай прыродай імгненнай змене ладу жыцця, і, вядома, эвалюцыйны працэс не змог дагнаць развіццё цывілізацыі. Галоўным вынікам такога развіцця стаў бурны рост колькасці жывых арганізмаў на Зямлі і звязаная з гэтым велізарная колькасць новых стрэсавых сітуацый, раней не ўключаных у ахоўны рэестр іх геномаў.

Атрымліваецца, што ўсе ахоўныя гены не могуць увесь час праяўляць сваю актыўнасць у арганізме. На гэта не хопіць энергетычнага і структурнага рэсурсу. А для таго, каб пэўныя гены запрацавалі, павінен паступіць сігнал пра непарадкі ў клетачным царстве. У арганізме ўжо знойдзена каля ста сігнальных бялкоў і адпаведных ім генаў.

Мы распрацавалі новы прынцып для ветэрынарных прэпаратаў. Ён заключаецца не ў тым, каб рыхтаваць нейкую субстанцыю ці рэчыва, якое заб’е вірус ці бактэрыю, напрыклад, антыбіётык. Мы з храмасом вылучаем патрэбны ген, які адказвае за тую ці іншую сігнальную малекулу, трохі мадыфікуем і перадаём бактэрыі, якая сінтэзуе нам сігнальны ахоўны бялок. Атрыманую бактэрыяльную біямасу чысцім і вылучаем патрэбную нам частку. У пэўным аб’ёме гатовы прэпарат уводзяць жывёле. У цяляці (ягняці, парасяці, жарабяці і г. д.), якое атрымала знешні сігнал, уключаецца і пачынае працу вельмі магутная супрацьінфекцыйная ўласная абарона. У выніку жывёлы лечаць сябе самі.

Уладзімір ПРАКУЛЕВІЧ

Гэтыя медыкаменты скарачаюць час лячэння ў 2-3 разы. Прэпараты не наносяць шкоды ні жывёлам, ні канчатковаму спажыўцу – чалавеку. Яны не выклікаюць прывыкання і не маюць пабочных дзеянняў. У патагенных мікраарганізмаў не ўзнікае ўстойлівасць. Пасля прымянення няма рэцыдываў (аднаўленне захворвання). Усё таму, што з хваробамі змагаюцца індукаваныя прыродныя сродкі, выпрацаваныя самім арганізмам.

У кожнага віду жывёлы бялкі адрозніваюцца. Навукоўцы распрацавалі цэлы спектр прэпаратаў для многіх жывёл на аснове сігнальных малекул. «Лаферон», «Цыпрафан», «Фаніферон», «Біферон-Б», «Энрафлаксаферон-Б», «субмастын-крс» і іншыя – ужо распрацавана каля 25 прэпаратаў.

Уладзімір Антонавіч дапаўняе:

– Не так даўно пачалася праграма па стымуляванні рэпрадуктыўнай функцыі ў жывёл. Вядома, што ў іх з’явіліся вялікія праблемы з размнажэннем ва ўмовах масавай прамысловай жывёлагадоўлі. Навукоўцы БДУ знайшлі і выявілі спецыяльны сігнальны бялок, які дапамагае арганізму падрыхтавацца да цяжарнасці. Ён уводзіцца, напрыклад, карове і распаўсюджваецца з крывёй, падае сігнал да перабудовы метабалізму на рэпрадуктыўны шлях. Так задаецца ўстаноўка на захаванне плода, пачынаюць сінтэзавацца гармоны, якія забяспечваюць нармальнае праходжанне цяжарнасці. Ін’екцыя прэпарата дае да 92 % паспяховасці апладнення, якое ў высокапрадуктыўных кароў часцяком без «сігналізацыі» не дасягае і 20 %.

Сёння распрацоўкі лабараторыі біятэхналогіі камерцыялізуюцца і вырабляюцца ў «Навукова-вытворчым цэнтры „ПраБіяТэх“», які з’яўляецца рэзідэнтам тэхнапарка «Унітэхпрам» БДУ. Дзякуючы статусу рэзідэнта вытворчасць развіваецца. Калі раней у месяц выдавалі тысячу флаконаў, цяпер тут можна вырабляць каля 100 тыс.

Кафедра мікрабіялогіі

– Можна сказаць, што кафедра гадуе сваіх навукоўцаў, — дзеліцца Уладзімір Антонавіч. — Сярод студэнтаў ёсць энтузіясты, якія цікавяцца стварэннем прэпаратаў для ветэрынарыі. Такіх запрашаюць да супрацоўніцтва, маладыя людзі праходзяць практыку, пішуць навуковыя працы па тэме. Вылучаюцца мэтанакіраваныя, тыя, хто ў першую чаргу хоча распрацоўваць і рабіць такія прэпараты.  Але, паколькі падчас задзейнічаны навукаёмістыя высокія тэхналогіі, спецыялісту неабходна павышаць кваліфікацыю, адвучыцца ў магістратуры, аспірантуры, а ў перспектыве стаць суаўтарам-распрацоўшчыкам новай прадукцыі.

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: