Распрацаваць адукацыйны анлайн-рэсурс – атрымаць прэмію: конкурс для выкладчыкаў

18 Feb, 2016.

MoodleСучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць не толькі спрасціць навучальны працэс, але і значна ўдасканаліць яго. У БДУ ўжо больш за дзесяць гадоў функцы­януе сістэма кіравання навучаннем LMS (Learning Management System) – Moodle. Сістэма ўсталявана па адрасе dl.bsu.by. Сэрвіс дазваляе выкладчыкам распрацоўваць адукацыйныя рэсурсы, напаўняючы іх тэарэтычнымі матэрыяламі, заданнямі і тэстамі. З мэтай стымулявання інавацыйнай дзейнасці супрацоўнікаў БДУ і ўка­ранення сучасных камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій у працэс навучання абвешчаны конкурс адукацыйных анлайн-рэсурсаў БДУ ў сетцы Інтэрнэт. Прыняць удзел і выйграць прэмію можа любы выкладчык БДУ! Пра тое, як завесці ўласны рэсурс для студэнтаў у сістэме Moodle, распавядае намеснік начальніка ГУВНМР – начальнік навучальна-метадычнага аддзела менеджменту якасці і маніторынгу адукацыі Уладзімір ГАЛЫНСКІ. Копия Moodle– Што такое Moodle, і для чаго патрэбная гэта сістэма? – Moodle – гэта сістэма кіравання навучаннем, якая цяпер выкарыс­тоў­ваецца практычна ў кожным універ­сітэце свету. Разабрацца і стварыць у ёй свой уласны рэсурс не запатрабуе адмысловай працы для чалавека, які ўмее працаваць на камп’ютары. Moodle дазваляе выкладчыку апера­тыўна ўзаемадзейнічаць са студэн­тамі, размяшчаць там матэрыялы, заданні, тэсты, праводзіць тэсціра­ванне, анкетаванне… Магчымасцяў выкарыстання мноства, яны абмежаваны толькі вашай фантазіяй. – Якія магчымасці дае Moodle? – Можна размяшчаць матэрыялы (файлы), ствараць розныя статычныя элементы (старонкі, кнігі, тлумачэнні), але можна рабіць і інтэрактыўныя: лекцыі з нелінейнай структурай, семінары, працоўныя сшыткі, базы дадзеных, wiki, гульні, задаваць умовы для атрымання допуску да розных рэсурсаў. Вядома ж, ёсць і  анкеты, і апытанні, і тэсты. Пра тэсты варта сказаць асобна. Рэпазітарый Moodle прапануе 87 відаў тэстаў, у нашай устаноўцы мы адабралі каля 20 найбольш цікавых методык. Акрамя зна­ёмых студэнтам з ЦТ класічных відаў тэсту «адзін з чатырох» і «тэсты без варыянтаў адказу» ёсць такія, як «на адпаведнасць», «укладзены адказ», «размясціць на малюнку», праграмавальны (задаюцца толькі формулы, для кожнага студэнта генеруюцца ўласныя лікі, а адказ правяра­ецца па закладзенай формуле), адказ у выглядзе формулы, эсэ і інш. – Для якіх дысцыплін Moodle зручнейшы? Для гуманітарных, тэхнічных? – Складана сказаць. Першымі ў БДУ Moodle асвоілі выкладчыкі англійскай і нямецкай моў. У іх было досыць шмат тэставых заданняў у фармаце «hot potatoes», а Moodle дазволіў лёгка іх «падхапіць» і ін­тэ­граваць. Для матэматычных і фі­зіч­ных дысцыплін мы падлучылі фільтр TeXа, які распазнае формулы, на­пісаныя наўпрост у тэксце на мове разметкі LaTeX, і паказвае іх у выгля­дзе малюнкаў, таму няма ніякіх праблем з напісаннем складаных формул. Так што і фізікам і лірыкам ён аднолькава зручны. – У БДУ таксама маюцца і іншыя сістэмы кіравання навучаннем, чым адрозніваецца Moodle? – Moodle увесь час удасканальваецца. Гэта не проста праграма – гэта сістэма з адкрытым кодам, дзе спецыяліст можа напісаць кавалачак кода і зрабіць уласны дадатак. Moodle прапануе нашмат больш магчымас­цяў. Акрамя размяшчэння тэарэтычнага матэрыялу і тэстаў, можна ар­ганізаваць узаемадзеянне са сту­дэнтамі, завесці форум, чат, каб студэнты адпраўлялі туды пы­тан­ні выкладчыку, а «не засмечвалі» электронную пошту. Можна арга­ні­зоў­ваць працу «праектным метадам», даваць заданне студэнтам ствараць кантэнт (выкарыстоўваючы элементы web 2.0). – Чаму выкладчыкам карысна мець курсы ў Moodle? – Я ведаю, многія выкладчыкі размяшчаюць прэзентацыі сваіх лекцый на персанальных старонках сайтаў факультэтаў. Але не ў кожнага ёсць магчымасць рэдагаваць сваю старонку. Таму аператыўнае абнаўленне ін­фар­мацыі абцяжарана. Многія вы­кладчыкі для аператыўных зносін са студэнтамі выкарыстоўваюць электронную пошту, сацыяльныя сеткі ці свае персанальныя сайты, размеш­чаныя незразумела дзе на бясплатных хостынгах. Але гэтыя метады састарэлі і нязручныя. Выка­рыстоў­ваючы Moodle, у вас ёсць поўны доступ да вашага рэсурсу, вы можаце самі аператыўна абнаўляць інфармацыю, рабіць аб’явы, рассылаць паведамленні ўсім падпісаным студэнтам. Да таго ж, сайт Moodle знаходзіцца ў дамене bsu.by, уся інфармацыя захоўваецца на серверы БДУ. – Акрамя тэстаў, што яшчэ можна размяшчаць? – Напрыклад, пры вывучэнні замежных моў можна ўкладваць любыя медыяматэрыялы: аўдыяфайлы, якія будуць прайгравацца адразу ў тэсце, можна ўбудоўваць відэа з youtube. З дапамогай медыяфайлаў можна трэніраваць вымаўленне, праводзіць аўдзіраванне, правяраць разуменне. Для любых дысцыплін будзе карысна стварэнне гласарыя, уласнай «вікіпедыі» са спасылкамі на ўнутра­ныя матэрыялы, прычым гэта можна рабіць сумесна са студэнтамі. Асвоіўшыся з базавымі магчы­масцямі, выкладчык можа ствараць элементы з нелінейнай структурай, фарміраваць індывідуальныя педага­гічныя траекторыі, наладжваць разлік ацэнкі бягучай паспяховасці па любой зручнай яму сістэме і шкале ацэньвання і шматлікае іншае. – Куды звярнуцца, каб атрымаць дапамогу ў распрацоўцы курса? – У БДУ і РІВШ праводзіцца павышэнне кваліфікацыі па Moodle, у сетцы ёсць шмат падручнікаў у вольным доступе, ды і ўбудаваная ў Moodle сістэма падтрымкі (хэлп) вельмі зручная, я сам да яе звяртаюся, калі штосьці забываю. Каб стварыць свой рэсурс, трэба звярнуцца да адмі­ністратараў сістэмы Уладзіміра Галынскага (ГУВНМР) па тэл. 209 54 33 ці Юрыя Пазняка (Медыяцэнтр БДУ) па тэл. 259 70 79.  На сайце dl.bsu.by ёсць раздзел «Для выкладчыкаў», дзе размешчаны дапаможныя матэрыялы, падручнікі на рускай мове. – Што дасць гэта выкладчыкам? – Усё залежыць ад таго, для якіх мэт курсы будуць распрацоўвацца. Самае банальнае – аўтаматызацыя правядзення тэсціравання, адзін раз стварыўшы банк пытанняў, вы мо­жаце яго выкарыстоўваць увесь час, абнаўляючы і дапрацоўваючы пры неабходнасці. Дапамагае аргані­заваць суправаджэнне навучальных заняткаў не «на каленцы», а цыві­лізаваным спосабам. Дапамагае арганізаваць самастойную працу студэнтаў і праводзіць кантроль яе выканання. У Moodle можна запраграмаваць разлік ацэнкі бягучай паспяховасці, задаўшы каэфіцыенты па кожным заданні. Калі студэнт не выканаў заданне, то гэта ўплывае на яго рэй­тынгавую адзнаку. Сістэму можна выкарыстоўваць як электронны дзённік, дзе студэнт можа бачыць свае адзнакі. – Ці складана завесці курс самастойна? – Для таго, каб асвоіць сістэму, не запатрабуецца шмат часу. Калі ў вас ёсць гатовы ВМК па дысцыпліне, то, выкарыстоўваючы спалучэнне кла­віш «CTRL+C» і «CTRL+V», за тыдзень можна разбіць інфармацыю на фрэймы, разбіць па тэмах і напоўніць рэсурс. А далей развіваць яго, апра­боўваць на студэнтах, удасканальваць, спасцігаючы ўсе тонкасці анлайн-педагогікі. Калі гатовых матэрыялаў няма, то можна напаўняць рэсурс паступова, да ці пасля заняткаў запісваць інфармацыю ў рэсурс, прыдумляць тэсты. Калі працаваць па 1–2 гадзіны пасля кожных заняткаў, то па за­вяршэнні ў вас атрымаецца гатовы адукацыйны рэсурс, карысны і вам і вашым студэнтам. Калі так паўтарыць некалькі гадоў, улічваць рэкаменда­цыі і парады студэнтаў, эксперыментаваць і крэатывіць, то ў вас будзе вельмі добры і папулярны рэсурс. – Якія тэрміны ў конкурсу і сістэма ацэнкі? Што атрымаюць пераможцы? – Заяўкі трэба накіраваць да 14 сакавіка. Курсы, указаныя ў заяўках, мы вывучаем і класіфікуем – базавыя/інтэрактыўныя, поўныя/частковыя і да т. п. Умова для ўдзелу ў конкурсе: ваш рэсурс павінен адпавядаць тыпу «суправаджальніка анлайн-рэсурсу» па класіфікацыі Палажэння пра конкурс адукацыйных анлайн-рэсурсаў БДУ ў сетцы Інтэрнэт, якое даступна на сайце БДУ ў раздзеле «Адукацыя / Інфармацыя для прафесарска- вы­к­­ладчыцкага складу». Ксенія КАРАВАЯ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *