“Тут усе ведаюць адзін аднаго” і іншыя назіранні з жыцця французскага студэнта БДУ

13 Jun, 2016.

Замежныя студэнты ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўжо даўно не рэдкасць, аднак тут таксама існуе пэўная статыстыка. Так, калі студэнтамі з Кітая ўжо сапраўды нікога не здзівіш, то студэнты з Францыі – рэдкасць. Менавіта таму шмат каму падаецца цікавым, што ж прывяло іх у наш універсітэт. Мы таксама вырашылі разабрацца ў гэтым і пагутарылі са студэнтам з Парыжа Антуанам Касэнам.

-Антуан, распавядзіце нашым чытачам, як доўга вы ў Беларусі?

-Ужо з верасня.

-Я заўважыла, што вы выдатна валодаеце рускай мовай. Дзе вы вучылі рускую ў Францыі?

-Дзякуй. Я вывучаю рускую мову ў Інстытуце ўсходніх моў у Парыжы ўжо чатыры гады. Гэта стары інстытут. (Ён заснаваны ў 1669 годзе, наш госць прыйшоў у футболцы з гербам свайго інстытута – вось яна сапраўдная любоў да сваёй альма-матар. – Заўв. рэд.)

-Чаму менавіта руская мова? Любоў да рускай культуры?

-Так. І таксама гэта важная мова, шмат людзей кажуць па-руску.

-Проста ў мяне была здагадка, што ў вас ёсць сваякі з Расіі.

-Так, мая прапрабабка родам з Расіі.

-Тады пытанне, чаму вы прыехалі менавіта ў Беларусь, а не ў РФ?

-Таму што я думаю, што Беларусь – гэта цікавая краіна. Яе менш ведаюць, чым Расію.

-Як Ваша сям'я і асяроддзе паставіліся да рашэння паехаць у Беларусь?

-Напрыклад, мая бабуля не ведала, што Беларусь існуе. А мой бацька вельмі "за", ён сказаў, што гэта добрая справа. А сябры пыталі: "Навошта табе туды ехаць? Гэта небяспечна".

-Чаму ж небяспечна?

-Ну, ёсць стэрэатып, што ў Беларусі дыктатура. Але я хацеў сам даведацца, ці ёсць тут дыктатура насамрэч. Пакуль не заўважыў.

-Што Вас больш за ўсё здзівіла па прыездзе ў нашу краіну?

-Тут у Беларусі чысціня.

-Нават чысцей, чым у Францыі?

-Вядома, так.

-Якія, на Ваш погляд, прынцыповыя адрозненні ў адукацыйных сістэмах Беларусі і Францыі?

-У Францыі больш тэарэтычныя заняткі, а тут практыка. Гэта вельмі добра.

-А якія падабенствы?

-Сама руская мова (смяецца). (Наш герой і там і тут вучыць рускую мову. – Заўв. рэд.)

-Якая ў Вас была спецыяльнасць у інстытуце ў Парыжы?

-У мяне спецыялізацыя па гісторыі. Гісторыя Каўказа.

-А вы былі на Каўказе?

-Не, пакуль не. Але я збіраюся.

-Вы ўжо скончылі бакалаўрыят і працягваеце навучанне ў Мінску. Вядома, што ў Вас ёсць навуковы праект.  Распавядзіце, калі ласка, пра яго.

-Мая тэма пра аўтараў у літаратуры Усходняй Еўропы. Асабліва Польшчы і Беларусі. У мяне ёсць яшчэ цэлы месяц, каб усё скончыць.

-Можа, Вы ведаеце не толькі рускую і французскую мовы?

-Я яшчэ троху ведаю польскую.

-Ці ёсць у Вашых планах на будучыню Беларусь, можа, Вы хочаце стаць прафесарам ці дацэнтам у БДУ?

-Я арыентуюся на працу з пасольствамі.

-Як адрозніваюцца па паводзінах студэнты ў Францыі і Беларусі?

-Тут усе ведаюць адзін аднаго, у Францыі такога няма. Не так дружна.

-У Вас ужо шмат тут сяброў?

-Так-так, гэта выдатна.

-Вы ў Мінску жывяце ў інтэрнаце?

-Так, у інтэрнаце на Пятроўшчыне.

-Як Вы ацэньваеце ўмовы пражывання там?

-Усё нармальна, і ў мяне добрыя суседзі.

-Ці наведваеце Вы якія-небудзь студэнцкія мерапрыемствы, якіх нямала арганізоўваюць у БДУ?

-Так, напрыклад, быў на Фэсце моў і на мерапрыемствах напачатку года, ужо не памятаю іх назвы.

-Як часта Вы ездзіце дахаты, у Францыю?

-Толькі на Каляды.

-Якія пытанні Вам часцей за ўсё задаюць сябры, сваякі пра нашу краіну?

-Гэта дыктатура? Я кажу, што не, не заўважыў пакуль.

-Як доўга Вы яшчэ будзеце тут знаходзіцца?

-Яшчэ месяц.

-Пытанне, які задаю па просьбе жаночай паловы маіх калегаў. Чым адрозніваюцца ў зносінах францужанкі і беларускі, на ваш погляд?

-Дзяўчаты тут прыгажэйшыя.

Вось такая прыемная гутарка атрымалася ў нас з госцем з Францыі. Упэўнена, што дапытлівасць і актыўнасць нашага героя натхніць шматлікіх студэнтаў на новыя здзяйсненні і поспехі.

Марыя ПЯТРАШКА

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

4 каментара

  1. Сергей Шафалович says:

    Дзякуй Ала за Ваш разгорнуты каментар, але ўсё ж такі мы трымаемся думкі, што публіцыстычны стыль дазваляе выкарыстоўваць элементы жывой гаворкі ў жанры інтэрв’ю. І такім чынам пашыраць семантычнае поле асобных лексем:)
    Рэдакцыя

  2. Ала says:

    Паважаны Сяргей! У гэтым выпадку маё меркаванне — гэта меркаванне спецыяліста.
    “Гаварыць” і “казаць” з’яўляюцца сінонімамі толькі ў значэнні “выказваць думкі”: казаць/гаварыць праўду; ён кажа/гаворыць, што гэта правільна. У значэнні “валодаць, карыстацца мовай” у беларускай мове выкарыстоўваецца толькі дзеяслоў “гаварыць”. Нельга выкарыстоўваць выраз “казаць па-англійску, па-іспанску, па-беларуску”. Толькі “гаварыць”.

  3. Сергей Шафалович says:

    Паважаная Ала, дзякуй Вам за рэакцыю.
    Але Ваша меркаванне не зусім дакладнае. Паводле нормаў беларускай мовы, словы “кажуць” і “гавораць” — сінонімы.
    Рэдакцыя

  4. Ала says:

    “шмат людзей кажуць па-руску”. Правільна “гавораць”.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *