Горад Кальмар: што мяне здзівіла ў Швецыі?

4 Nov, 2016.

5

На працягу многіх гадоў журфак БДУ супрацоўнічае з Fojo Media Institute, які знаходзіцца ў шведскім горадзе Кальмар. Раней ужо распавядала, як адправілася туды ў гэтым верасні і стажыравалася ў рэдакцыі газеты “

Ostran. Зараз, як і абацяла, раскажу аб тых рэчах, якія здзівілі мяне пад час цікавага падарожжа ў Швецыю.

Айда закаляцца!
У Кальмары правяла першую палову верасня. Звычайна надвор’е яшчэ радуе ў гэты час, але раніцай пранізлівы ветрык праймае да дрыжыкаў, асабліва, калі побач халоднае Балтыйскае мора. Але, відаць, шведаў даўно гэтым не напужаеш: шорты і маечкі з адкрытымі плячыма звычайная рэч ў такое надвор’е. Калі крыху пацяплела, шведы з задавальненнем прадоўжылі купальны сезон. Жыхароў Кальмара, якія вырашылі пазагараць у сярэдзіне верасня, нават фатаграфавала, каб пасля мяне не запісалі ў хлуснікі.

Скасаваны дрэс-код
Калі працягваць тэму адзення, то, канечне, трэба ўзгадаць, што ў шведаў не заўважыла аніякага дрэс-кода. Маю на ўвазе тое, што на любое мерапрыемства людзі апранаюцца вельмі проста. Нават на афіцыйныя сустрэчы, канферэнцыі, круглыя сталы прыходзяць у звычайных тэнісках і красоўках. Наогул, пераважае спартыўны стыль адзення. Часам гэта даволі зручна, асабліва, для журналіста, калі трэба ўсюды паспець, бываючы ў самых розных умовах.

1

Гэта ж трус!
Спачатку не паверыла сваім вачам, думала, што пераблытала з кошкай. Але ж не ­– гэта быў сапраўдны трус. У Кальмары іх можна сустрэць паўсюль, часам яны падыходзяць блізка і смела разглядаюць цябе. Гэты від труса называюць дзікім альбо еўрапейскім. Наогул, мясцовая фауна падаравала шмат цікавых сустрэч. Напрыклад, канадскі гусь запомніўся важным відам сапраўднага арыстакрата.

2

За грыбамі ў супермаркет
Грыбнікі вельмі любяць восень: удосталь назбіраюць, насушаць, каб прыемны пах грыбнога супу казытаў узімку нос. У Кальмары па іх можна нават і ў лес не ісці: шмат грыбоў убачыла пад дрэвамі ў парках, але ніхто не збіраў прыгажуноў. Ну, як можна прайсці міма такога дзіўнага краснючка! На жаль, па грыбы ходзяць у супермаркет, таму і не ведаюць, які прыемны азарт ахоплівае грыбніка, як лёгка дыхаецца ў лесе, а ўсё цела напаўняецца незвычайнай энергіяй, якую дорыць прырода.

Дайце мне веласіпед, каб аб’ехаць цэлы свет!
Затое жыхары Кальмара маюць магчымасць любавацца пейзажамі свайго краю пад час падарожжа, бо самы папулярны мясцовы транспарт – веласіпед. Гэта вельмі зручна і карысна для навакольнага асяроддзя. Паўсюль адведзены дарожкі для веласіпедыстаў, каб яны нікому не перашкаджалі. За бяспеку свайго пакінутага транспарту не трэба хвалявацца: тут аддаюць перавагу простай для выкарыстання блакіроўцы кола, не патрабуючай ніякіх іншых прыстасаванняў, як, напрыклад, тросавыя і ланцужныя велазамкі.

4

Галоўнае – давер
Здаецца, такім дэвізам карыстаюцца ўсе шведы. У Кальмары не раз звяртала ўвагу на дамы, у якіх праглядваецца увесь першы паверх. Ён празрысты, нібыта зроблены цалкам са шкла. Усё, што адбываецца ў доме, навідавоку. Такім чынам часта будуюць там і спартзалы, што дае магчымасць пад час трэніроўкі назіраць за наваколлем, а не глядзець у адну кропку.

Бытавыя дробязі дораць утульнасць
Прызнайцеся, вы таксама не любіце запраўляць падкоўдранік? Так, гэтую “працэдуру” імкнуцца пазбегнуць многія. У кальмараўскай гасцініцы знайшла цудоўнае рашэнне усіх яе нязручнасцяў. Падкоўдранік быў пашыты са спецыяльнымі адтулінамі ў кутках бакавых швоў. Гэта спрашчае і палягчае запраўку коўдры, а таксама прадухіляе назапашванне пылу ў яго кутках. Упэўненая, што такая бытавая дробязь прыйшлася б да спадобы кожнай беларускай гаспадыні.

А манетку вось сюды!
Зусім нядаўна Беларусь змяніла грашовую сістэму, таму ў нас, як і ў многіх краінах, з’явіліся манеты. У кальмарскіх магазінах заўважыла зручную для іх прыладу. Пры пакупцы працягвала манеты прадаўцу, а ён з усмешкай заўважаў: “А манетку вось сюды”. Перадача праз спецыяльнае прыстасаванне паскарае працэс абслугоўвання, бо прылада самастойна выконвае іх падлік.

З добрым настроем кожны дзень
Усмешкай сустракалі не толькі прадаўцы ў магазінах, але кожны чалавек, да якога звярталася ў Кальмары. Гэтыя людзі дзяліліся пазітыўнымі эмоцыямі і зараджалі добрай энергіяй. Наогул, шведы зусім не канфліктныя людзі. Сварак і спрэчак не заўважыла ні на дарозе, ні ў кафэ, ні ў рэдакцыі газеты “Ostran”, дзе праходзіла стажыроўку. Жыхары Кальмара навучылі мяне сустракаць кожны дзень з добрым настроем, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні.

Дар’я НІКАНЧУК
Фота: Маргарыта Кухта

4995524338_cd4b8be900_b-kopiya-kopiya

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *